РА́ДА БЕЛАРУ́СКАЙ НАРО́ДНАЙ РЭСПУ́БЛІКІ, Рада БНР. Створана 18.3.1918. Складалася з членаў Рады Усебеларускага з’езда 1917, якая на сходзе дэлегатаў з’езда (18.12.1917 у Мінскім дэпо Лібава-Роменскай чыгункі) была прызнана «найвышэйшай установай краю». У адпаведнасці з пастановай гэтага сходу папоўнена прадстаўнікамі гарадоў, земстваў і нац. меншасцей. 19.3.1918 Рада прыняла палажэнне аб вярх. уладзе Беларускай Народнай Рэспублікі, у якім абвяшчалася, што ні адзін закон не будзе мець сілы без зацвярджэння яго Радай БНР. 27.3.1918 Рада абвясціла, што бярэ на сябе паўнату ўлады на Беларусі. Пасля кааптацыі членаў «Менскага беларускага прадстаўніцтва» (12.4.1918) Рада стала адзіным цэнтрам бел. незалежніцкага руху. Вакол яе на антыбальшавіцкім і антысав. грунце гуртаваліся паліт., прафес. і рэліг. арг-цыі нац. меншасцей. Колькасны склад Рады вагаўся ў залежнасці ад паліт. абставін. Рада фарміравала ўрад БНР (гл. Народны сакратарыят Беларусі, Рада народных міністраў Беларускай Народнай Рэспублікі). У перыяд паміж пленарнымі пасяджэннямі працаваў Прэзідыум Рады БНР, у складзе Рады дзейнічалі камісіі. Старшынямі Рады БНР былі Я.​Серада (да чэрв. 1918) і Я.​Лёсік. Адносіны ням. акупац. улад да Рады БНР вагаліся ад варожых да цярпімых, аднак урад Германіі не прызнаў Раду і ўрад БНР афіцыйна. Разглядаючы Беларусь як частку Расіі, ням. ўлады не давалі Радзе БНР магчымасці стварыць армію, паліцыю, суд і інш. дзярж. інстытуты. Дзейнасць Рады абмяжоўвалася сферамі асветы, культуры і часткова гаспадаркі. Пасля Лістападаўскай рэвалюцыі 1918 у Германіі і наступлення Чырв. Арміі Рада БНР па дамоўленасці з Літоўскай Тарыбай 12.1918 пераехала ў Вільню, а 27.12.1918 — у Гродна. Пасля акупацыі значнай часткі тэр. Беларусі польск. войскамі дзейнасць Рады была спынена. Яе дзейнасць аднавілася восенню 1919. У выніку барацьбы паміж с.-д. кіраўніцтвам Рады і апазіцыйнымі да яго Беларускай партыяй сацыялістаў-рэвалюцыянераў і Беларускай партыяй сацыялістаў-федэралістаў, якія вінавацілі А.​Луцкевіча, Лёсіка і інш. у паланафільстве, 13.12.1919 адбыўся раскол Рады БНР на Найвышэйшую раду Беларускай Народнай Рэспублікі (старшыня Лёсік) і Народную раду Беларускай Народнай Рэспублікі (старшыня П.​Крачэўскі). Ганенні з боку польск. акупац. улад прымусілі дзеячаў Нар. рады эмігрыраваць у Рыгу. У канцы 1920 Найвышэйшая рада спыніла сваю дзейнасць і прызнала Нар. раду адзіным паўнамоцным прадстаўніком бел. народа. Нар. рада стала называцца Радай БНР. Пасля заключэння паміж БНР і Літвой дагавора аб узаемным прызнанні і супрацоўніцтве Рада БНР у ліст. 1920 пераехала ў Коўна (Каўнас). Адзіным паўнамоцным прадстаўніцтвам суверэнных правоў бел. народа Раду БНР прызнала Першая Усебеларуская канферэнцыя (1921, Прага). Нежаданне Прэзідыума Рады БНР прызнаць правы Літоўскай Рэспублікі на Вільню прывяло да абвастрэння супярэчнасцей паміж Радай і ўрадам Літвы. У ліст. 1923 Рада БНР пераехала з Коўна ў Прагу. Прэзідыум Рады адхіліў пастановы ўрада БНР і Другой Усебеларускай канферэнцыі (1925, Берлін) аб прызнанні Мінска адзіным цэнтрам адраджэння Беларусі. Пасля смерці Крачэўскага старшынёй Рады БНР стаў В.​Захарка, які ў 1943 перадаў свае паўнамоцтвы М.​Абрамчыку. У 1945 члены Рады пераехалі ў зах. зоны акупацыі Германіі. У лют. 1948 Рада спец. маніфестам абвясціла пра аднаўленне сваёй дзейнасці, а ў крас. 1948 адбыўся з’езд членаў Рады і прадстаўнікоў новай хвалі бел. паліт. эміграцыі, на якім Абрамчык стаў прэзідэнтам Рады БНР. Рэзідэнцыяй Рады БНР былі Парыж (да 1970), Таронта (да 1983), потым Нью-Йорк. Пасля смерці Абрамчыка (1970) прыняты новы статут, паводле якога аднаўлялася пасада старшыні Рады БНР з 6-гадовым тэрмінам паўнамоцтваў. Старшынёй Рады быў абраны В.​Жук-Грышкевіч. У 1982—97 Раду ўзначальваў Я.​Сажыч, які браў удзел у святкаванні ў Мінску 75-й гадавіны з дня абвяшчэння незалежнасці БНР. Ён выказаў меркаванне, што мандат Рады БНР будзе перададзены ўраду Рэспублікі Беларусь, сфарміраванаму дэмакратычна абраным Вярх. Саветам. У ліп. 1993 3-я Усебел. канферэнцыя прызнала пастанову 2-й Усебел. канферэнцыі гіст. памылкай і заклікала Раду БНР не складваць свае паўнамоцтвы на карысць урада Рэспублікі Беларусь. У 1997 старшынёй Рады БНР абрана І.​Сурвіла. Былі прыняты захады па стварэнні бел. лобі ў кангрэсе ЗША. Паколькі бел. эміграцыя традыцыйна галасуе за Рэсп. партыю, у пач. 2001 Прэзідыум Рады БНР вырашыў актывізаваць супрацоўніцтва з органамі выканаўчай улады ЗША.

Літ.:

Гл. пры арт. Беларуская Народная Рэспубліка.

А.​М.​Сідарэвіч.

т. 13, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)